Logo
Print this page

Навошта каталікі пішуць крэйдай на дзвярах К+М+Б

6 студзеня каталікі адзначаюць свята Богаз'яўлення або ўрачыстасць Трох каралёў (Трох цароў, Трох вешчуноў, Трох мудрацоў). І ў гэты дзень пасля Імшы ў храмах раздаюць асвячоную крэйду, якой парафіяне пішуць на дзвярах сваёй кватэры К + М + Б (кірыліцай ці лацінкай) і нумар бягучага года.

- Гэтыя літары абазначаюць імёны трох каралёў, якія прыйшлі пакланіцца Дзіцятку Езусу, - Каспар, Мельхіёр і Бальтазар. Надпіс кажа пра тое, што гэты дом хрысціянскі, што ў ім ёсць людзі, якія гатовыя выконваць волю Божую, што гэты дом адкрыты для іншых - тых, каго трэба падтрымаць і словам, і справай, - патлумачыў гомельскі пробашч айцец Славамір. - Гэта ніякая не магія, а знешні знак вызнання нашай веры: мы ганарымся тым, што мы хрысціяне. Але не ў тым сэнсе, што я лепш за іншых, а што я член Царквы, маё жыццё належыць Госпаду, я гэтага не саромеюся і магу публічна пра гэта сказаць.

- Часам суседзі не разумеюць сэнсу надпісу, могуць сціраць яго ці злавацца. Тады можна намаляваць літары фарбай, - жартуе святар. - Наогул для такіх выпадкаў крэйду лепш не выкідаць і захоўваць увесь год, каб зноўку пісаць літары. Або замест іх можна накрэсліць крыжык з нумарам года.

Дарэчы, па адной з глыбокіх хрысціянскіх традыцый менавіта на свята Богаз'яўлення, а не на Новы год ці нават на Каляды, бацькі дораць сваім дзецям падарункі, беручы прыклад з Трох мудрацоў.

Last modified onПанядзелак, 07 Студзень 2013 11:52
FaLang translation system by Faboba
Template Design © Joomla Templates | GavickPro. All rights reserved.